Эканоміка Латвіі
Эканоміка сучаснай Латвіі, як і яе балтыйскіх суседзяў, сфармавалася ў выніку перабудовы гаспадаркі з планавага ўзору на рынкавы пасля распаду СССР і наступнай еўраінтэграцыі. Гэтыя працэсы прывялі да скарачэння ўдзельнай вагі галін цяжкай прамысловасці, павелічэння ролі і долі сферы паслуг у ВУП да 75 %[1], імклівага росту агульнага дабрабыту. ВУП на душу насельніцтва па ППЗ у 2018 складае амаль 30000, што крыху меней за Эстонію і Літву. З 2014 Латвія з'яўляецца часткай еўразоны, з 2016 — Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.
Асабліва хуткімі тэмпамі латвійская эканоміка развівалася ў 2000-2007 гг, за што Латвія разам з Літвой і Эстноніяй былі названыя "Балтыйскімі тыграмі". Сусветны крызіс 2008-2009 негатыўна паўплываў на гаспадаркі "тыграў". У 2009 годзе ВУП Латвіі скараціўся на 14 %, і, нягледзячы на ўстойлівы рост эканомікі пачынаючы з 2011, толькі да 2017 года краіна здолела вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Да сур'ёзных выклікаў, з якімі прыходзіцца змагацца сучаснай латвійскай эканоміцы, адносяцца высокі ўзровень карупцыі, што дасюль адпужвае інвестараў[2]; а таксама дэпапуляцыя і эміграцыя, што адмоўна адбіваюцца на колькасці і якасці працоўнай сілы. У Латвіі адзін з найвышэйшых у ЕС паказчыкаў эканамічнай няроўнасці.
Вытворчы сектар
[правіць | правіць зыходнік]У складзе СССР Латвія вылучалася развітым цяжкім машынабудаваннем, тут збіраліся электрацягнікі (Рыга), мікрааўтобусы (Елгава). Сённяшняя Латвія — невялікая краіна з адкрытай эканомікай, інтэграванай у агульнаеўрапейскую гаспадарку, з коштам экспарту большым за палову ВУП[3]. Найважнейшай галіной прамысловасці Латвіі застаецца машынабудаванне, прычым, на першае месца ў складзе галіны ў ХХІ стагоддзі высунулася электроніка; ажыццяўляецца зборка аўтамабіляў. Іншыя галіны прамысловасці: фармацэўтыка, вытворчасць мэблі і тэкстыльная прамысловасць. Апроч таго, важную ролю маюць марское рыбалоўства, сельская гаспадарка і звязаная з імі харчовая прамысловасць. Латвія мае тры вялікіх гідраэлектрастанцыі на Даўгаве: Плявіньская ГЭС (825 МВт), Рыжская ГЭС (402 МВт) і Кегумская ГЭС (192 МВт). У апошнія гады пабудавана некалькі дзясяткаў ветраных электрастанцый рознага маштабу.
Некаторыя буйныя прадпрыемствы:
- Olainfarm — фармацэўтычная кампанія
- Aldaris — кампанія па вытворчасці піва і безалкагольных напояў
- Dzintars — парфумерны вытворца
- Rīgas Vagonbūves Rūpnīca — Рыжскі вагонабудаўнічы завод
Сфера паслуг
[правіць | правіць зыходнік]Выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча дазваляе зарабляць на транзіце нафты і нафтапрадуктаў з Расіі і Беларусі. Традыцыйна вялікае значэнне мае турызм, што зноў перажывае рост пасля атрымання незалежнасці.
Некаторыя буйныя прадпрыемствы:
- Lattelecom — лідар у сферы аказання паслуг электроннай сувязі
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Транспартная інфраструктура Латвіі добра развітая. Цэнтр транспартнай сеткі — сталіца Рыга.
Чыгунка
[правіць | правіць зыходнік]За апошнія 10 гадоў чыгунка перажыла вялікае зніжэнне пасажырапатоку. Найбуйнейшае прадпрыемства чыгункі — LDZ (Latvijas dzelzceļš). Важнымі застаюцца таварныя перавозкі да балтыйскіх портаў, прыгарадныя электрычкі ў Рыжскай агламерацыі, пасажырскія перавозкі з Рыгі ў Даўгаўпілс, а таксама з Рыгі ў Вільнюс, Каўнас, Мінск, Маскву і Санкт-Пецярбург.
Авіяцыйны транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Буйнейшы аэрапорт краіны знаходзіцца ў Рызе. Таксама там размешчана найбуйнейшая авіякампанія Латвіі — airBaltic, што ажыццяўляе рэйсы ў Скандынавію, краіны Цэнтральнай Еўропы і іншыя краіны Прыбалтыкі.
Аўтамабільны транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Латвія мае прамянёвую сістэму шашэй з цэнтрам у Рызе. Важнае значэнне мае аўтастрада Via Baltica, што ідзе праз усю краіну з поўначы на поўдзень праз Рыгу.
Марскі транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Марскі транспарт на Балтыцы — важны складнік транспартнай сістэмы рэгіёна з Сярэднявечча. Марскія парты Латвіі — Рыга, Вентспілс і Ліепая. Паромныя маршруты злучаюць Латвію з краінамі Скандынавіі, Польшчай, Германіяй. Апроч таго, багата марскіх камунікацый ідуць уздоўж латышскга ўзбярэжжа.
Знешнегандлёвыя сувязі
[правіць | правіць зыходнік]У знешнім гандлі для Латвіі характэрны ўстойлівы адмоўны баланс (-7 млрд долараў у 2016). Аснову экспартнай прадукцыі складаюць харчовая прамысловасць і машынабудаванне, важнае значэнне мае экспарт піламатэрыялаў, фармацэўтыкі. Найважнейшыя гандлёвыя партнёры Латвіі — краіны Паўночнай Еўропы (безумоўна, у першую чаргу тут вылучаюцца балтыйскія суседзі (28 % экспарту і 18 % імпарту ў 2016)); Расійская Федэрацыя (24 % імпарту, у першую чаргу, вуглевадародаў), Польшча, Германія[4]. Доля Беларусі ў латвійскім экспарце складае 0,94%, у імпарце — 1,23 %.
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=132&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016